Праект “У нескладовае” распачынае серыю канцэртаў у Маскве і рыхтуецца да здымак кліпу супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
Сёння інтэрнет-партал TUT.BY, кампанія “Будзьма беларусамі!” і праект “У нескладовае” прэзентуюць песню пра улюбёную літару беларускага алфавіту “У нескладовае”. У запісе бралі ўдзел Ганна Хітрык, Віктар Рудэнка, Яўген Чалышаў, Вячаслаў Сяргеенка, Андрэй Сапоненка, Канстанцін Гарачы, Раман Арлоў, Вадзім Марголін, Юлія Глушыцкая.
Нагадаем, канцэрт-прэзентацыя творчасці праекта “У нескладовае” адбылася 23 красавіка ў мінскім клубе “Рэактар” у межах фэсту “Дастыш фантастыш!” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А ўжо ў бліжэйшую суботу, 5 чэрвеня, шанец пачуць праект “ У нескладовае” атрымаюць жыхары Масквы. У гэты дзень у маскоўскім клубе “Меццо-Форте” адбудзецца першы канцэрт з серыі беларускіх канцэртаў-вечарынак пад назвай “Сіні пашпарт”, у якім возьмуць удзел гурты “Палац” і “У нескладовае”. Менавіта такім чынам ідэолагі “У нескладовага” Раман Арлоў і Вадзім Марголін пачынаюць рухацца ў бок здзяйснення пастаўленай мэты – папулярызацыі беларускамоўнай музыкі ў Маскве і Расіі. Правядзенню гэтага канцэрта паспрыялі МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Федэральная нацынальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”.









