Аб праекце
Мы тут жывем. Так здарылася. Хтосьці імкнуўся сьвядома; хтосьці меў намер правесьці тыдзень-другі, ды вось і застаўся. У кагосьці на руках ужо і расейскі пашпарт; а хтосьці на запыт мента паказаць дакумэнты прызвычаена цягнецца ў кішэню. За сторублёўкай – бо нават рэгістрацыі няма.
Есьць і такія, хто лічаць Маскву лепшым горадам зямлі. Не я. Бо горад гэты не зусім беларускі. Калі бліжэй да праўды, дык і зусім не беларускі. За невялікімі выключэньнямі. Сайт гэты – гід па выключэньнях.
Мы за імі назіраем. Мы зьбіраем усю інфармацыю пра беларускія падзеі у Маскве, пра месцы, дзе хоць нешта нагадвае пра Беларусь; месцы куды можна зьвяртацца па дапамогу ды па сяброў. Ну і яшчэ зьбіраем некаторыя чужыя тэксты – пра беларускую ў Маскве гісторыю, пра апошнія падзеі, асобаў Беларускай Масквы, тэксты і дакумэнты наконт рэгісрацыі, а апошнім часам нам і літаратурныя творы дасылаюць. І яшчэ мы хочам пачуць вас. З гэтай мэтай створаны форум.
Кажуць (прынамсі статыстыкі), нас вельмі шмат у Маскве. Толькі нешта паводзім мы сябе ціха. І не чуваць нас і не відаць. Я, праўда, неяк пажартаваў, што гэта ў нас акупацыйная палітыка такая: прыяджаем мы сюды тысячамі незаўважанымі, працуем, займаем становішча ў грамадстве, пасады, а аднойчы карэннае насельніцтва прачнецца, а мы ўжо і пры ўладзе, і аб’явілі Расею часткай Беларусі. Ці толькі Маскву ды Сібір (нашто нам астатняя галеча?).
Вось толькі пасьля такіх жартачак некаторыя на мяне нядобра паглядаць пачалі – ці не звар’яцеў. А хтосьці пакрыўдзіўся – за тое, што раскрыў вялікую нашую беларускую таямніцу…
Аб посьпехах і паразах нашай ціхай акупацыі чытайце на гэтым сайце.
аўтар прэкту Вiктар Дзятлiковiч
З восенi 2007 году сайт перайшоў на новы рухавiк WordPress, але, покуль, шчэ не вырашанымi застаюцца некаторыя тэхнiчныя пытаньнi, таму просiм прабачэньня, за часовую адсутнасьць дызайну.
На сайце Вы можаце пакiдаць, дадаваць каментары да навiнаў, распачынаць свае тэмы ў форуме, але для гэтага ВАМ НЕАБХОДНА ЗАРЭГIСТРАВАЦЦА
калi ў Вас узьнiкаюць праблемы з рэгiстрацыяй, то пiщыце bzm@pochta.ru
Стары сайт Вы можаце пабачыць па спасылцы
http://maskva.net/old/
Калi ў Вас ёсьць прапановы, заўвагi, цi жаданьне працаваць над паляпшэньнем сайту пiшыце
bzm-by@ya.ru
