16-18 траўня 2009 года ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных зносін (МГИМО) адбыўся чарговы Кубак садружнасцяў па міні-футболе сярод зямляцтваў і нацыянальных клубаў Універсітэту МЗС РФ, у якім удзельнічалі каманды 14 краінаў свету.

Камандзе Беларускага зямляцтва МГИМО, на чале з яе капітанам Паўлам Васільевым, студэнтам 2 курса факультэта Міжнародных зносін, удалося выйсці з групавога этапу турніра, заняўшы ў сваёй групе першае месца, і абыграць у чвэрць-фінале каманду Грамады нямецкіх студэнтаў МГИМО з лікам 2-1 (па пенальці). У паўфінале каманда Беларусі сустракалася з камандай Расіі, якой, неглядзечы на зацятую барацьбу, прайграла з лікам 0-1 (па пенальці). Але ж беларусы не дарэмна лічацца ўпартымі, і гэтая ўпартасць была ўзнагароджана: у матчы за трэцяе месца яны перамаглі каманду Кыргызстану з лікам 1-0, прычым пераможны гол забіў Аляксандр Кананчук, студэнт 4 курса факультэта Міжнароднага права. Каманда Украіны заняла другое месца, а пераможцам Кубка садружнасцяў – 2009 стала Расія. 11 чэрвеня на XIV Агульным зборы Рады зямляцтваў адбудзецца святочная цэрэмонія ўзнагароджання пераможцаў.

Ужо другі год запар каманда Беларускага зямляцтва МГИМО па міні-футболе паказвае высокія вынікі ў спартовай барацьбе, у мінулым годзе таксама заняўшы трэцяе месца. Гэта адбываецца дзякуючы намаганням кожнага з чальцоў зямляцтва, якія ахвяруюць свае грошы і высілкі дзеля таго, каб Беларусь была дастойна і з гонарам прадстаўлена ў Расіі і свеце. Хочаш унесці свой уклад у агульную справу? Далучайся да беларускай дзейнасці ў Маскве. Беларусы з МГИМО будуць радыя дапамагчы і падзяліцца вопытам. Пішыце на ziamliactva@gmail.com.

// Георгі Плашчынскі, Беларускае зямляцтва МДІМЗ (МГИМО)